|
|
Дашенков Михаил Михайлович Постаці На нашай зямлі шмат помнікаў, вялікіх і не зусім, з бронзай на граніце і безыменных, але заўсёды увенчаных пяцікутнай чырвонай зоркай. Менавіта такі помнік быў пастаўлены ў 1946 годзе на месцы ваенных пахаванняў у паўднёвай частцы г.Асіповічы (каля мемарыяльнага знака “Пушка на пастаменце “ па вул. Гармышава). Штогод, напярэдадні Свята Перамогі, можна тут убачыць убялёнага сівізной чалавека. Гэта Дашанкоў Віталь Міхайлавіч, былы вучань чыгуначнай школы ( зараз ДУА “СШ №2 г.Асіповічы”) аддае даніну павагі свайму бацьку – Дашанкову Міхаілу Міхайлавічу. Матэрыялы фонда Музея гісторыі школы ДУА “СШ №2 г.Асіповічы” даюць магчымасць даведацца аб воінскім шляху кадравага афіцэра і гэтым свяшчэнным месцы на Асіповіцкай зямлі.
Была на зялёнай Смаленшчыне невялікая вёсачка Нашкова. Тут, у сям’і селяніна Міхаіла Дашанкова, 23 лістапада 1902 года нарадзілася дванаццатае дзіця. Усе радаваліся сыну і назвалі яго Міхаілам, як і бацьку. Нягледзячы на тое, што гэта прыбавіла многа клопатаў і цяжкасцей, бацькі стараліся, каб юнак меў магчымасць вучыцца. Займаўся ён добра. З прадметаў больш за ўсё яму падабалася матэматыка. У вольны час разам са старэйшым братам, з бацькам, а пазней і самастойна хадзіў на паляванне. У рады маладой Чырвонай арміі Міхаіла Дашанкова прызвалі ў 1920 годзе. Гэтай падзеі ў сваім жыцці ён чакаў з нецярпеннем. Будучы чырвонаармейцам, Міхаіл быў ва ўсім прыкладам для салдат: старанны, дысцыплінаваны, добра вывучаў зброю, уставы арміі. Заўважыўшы яго любоў да армейскай службы, камандзіры прапанавалі М.Дашанкову застацца на звыштэрміновую службу, на што салдат ахвотна згадзіўся. Малодшы камандзір звыштэрміновай службы, ён і тут паказаў сябе з самага станоўчага боку. Так нарадзілася жаданне прысвяціць усё сваё жыццё ваеннай справе. І калі камандаванне часці прапанавала паступіць у ваенную школу, ён згадзіўся, не раздумваючы, і хутка быў залічаны курсантам у артылерыйскую школу чырвоных камандзіраў у горадзе Арле. У 1928 годзе Міхаіл атрымаў назначэнне на пасаду камандзіра ўзвода ў артылерыйскі полк, які дыслацыраваўся ў гэтым жа горадзе. Тут ён камандаваў батарэяй, дывізіёнам і ўзначаліў штаб палка. Адсюль Міхаіл Міхайлавіч Дашанкоў быў накіраваны ў Вышэйшую камандзірскую артылерыйскую школу ў г. Ленінградзе. А па заканчэнні школы ў 1940 годзе ў званні маёра быў прызначаны начальнікам штаба артылерыі 89-й стралковай дывізіі ў Курску. З першых дзён ліпеня 1941 года артылерыйскі полк дывізіі пад яго камандаваннем вёў абарончыя баі ў раёне Смаленска – Вязьмы. У гэтых баях Міхаіл Дашанкоў быў цяжка паранены. Пасля папраўкі ён нейкі час працуе начальнікам цыкла артылерыі ў Томскім артылерыйскім вучылішчы. Але падае рапарт за рапартам, каб зноў апынуцца ў дзеючай арміі. І з 1943 года ён зноў на фронце ў складзе 1-га Беларускага фронту. Камандуючы 208-м мінамётным палком, М.Дашанкоў кіраваў баявымі дзеяннямі падраздзяленняў палка і агнём усяго палка, падаўляючы агнявыя кропкі, жывую сілу і тэхніку ворага, ён правільна і дакладна ўзгадняў узаемадзеянне з пяхотай і танкамі, што забяспечвала поспех. Свой баявы шлях Міхаіл Міхайлавіч закончыў у Польшчы, у горадзе Познані, дзе ў канцы лютага 1945 года быў паранены асколкам варожага снарада. За баявыя дзеянні, мужнасць і адвагу, умелае кіраўніцтва ў баях з ворагам, М.М.Дашанкоў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга і медалямі. Пасля заканчэння вайны падпалкоўнік М.Дашанкоў камандаваў 2031-м гаўбічным палком у складзе 12 механізаванай Корсунскай Чырванасцяжнай дывізіі, якая размяшчалася ў г.Асіповічы. Акрамя сваёй асноўнай службы, салдаты палка ўдзельнічалі ў размініраванні мясцовасці, у ачыстцы лясоў ад рэшткаў бадзяжных атрадаў немцаў, паліцаяў, марадзёраў. Артылерысты дапамагалі расчышчаць вуліцы ад смецця, камення, бітай цэглы. Пачалося аднаўленне казармаў на тэрыторыі паўднёвага ваеннага гарадка. Байцы і камандзіры дапамагалі ў перапахаванні загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, астанкі якіх знаходзілі ў розных месцах. Сіламі артылерыстаў быў пасаджаны парк побач з чыгуначнай школай №36 (зараз ДУА “СШ №2 г.Асіповічы”). Таварышы па службе адзначалі арганізатарскія здольнасці і дзелавыя якасці Дашанкова. Па-першае, ён умеў хутка ацэньваць абстаноўку, яе цяжкасці і шляхі іх пераадолення. Па-другое, ён ніколі не прымаў рашэння, не выслухаўшы дакладаў, прапаноў, думак сваіх намеснікаў. Трэба адзначыць і такую рысу характару М.М.Дашанкова, як яго стрыманасць: не мітусіўся без патрэбы, не турбаваў падначаленых, што садзейнічала праяўленню ў салдат асабістай ініцыятывы і жадання выдатна выконваць свае абавязкі. Загінуў М.М.Дашанкоў 23 снежня 1945 года пры выкананні службовых абавязкаў.
|
|